АНІЗАТРО́ПНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

матэрыялы, уласцівасці якіх (мех., фіз. і інш.) неаднолькавыя па розных напрамках унутры гэтых матэрыялаў (гл. Анізатрапія). Да анізатропных матэрыялаў адносяцца монакрышталі, валакністыя і плёначныя матэрыялы, жалезабетон, пластмасы са слаістымі напаўняльнікамі (гетынакс, тэксталіты, шкло- і вугляпластыкі і інш.), кампазіцыйныя матэрыялы. Выкарыстанне анізатропных матэрыялаў скарачае расход матэрыялаў і паляпшае якасць канструкцый. Напр., трансфарматары са стрыжнямі з анізатропнай тэкстураванай сталі прыкладна на 20—40% лягчэйшыя за трансфарматары са стрыжнямі з гарачакачанай звычайнай сталі.

т. 1, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)